Раптам адна з маіх прастранных мараў, набор думак перад сном, каб засынаць лягчей, перарасла ў цалкам адчуальную ідэю, якую можна рэалізаваць, прадаць, смела агучыць, растыражыць, любіць. Раней такіх ідэяў, каб сапраўды можна было палюбіць, неяк не было. Былі проста слабадасягальныя мары, якія лёгка і прыемна развіваць у думках, але якія патрабуюць занадта вялікіх выдаткаў або проста з'яўляюцца нерэальнымі праз час, месца, надвор'е, узрост, сацыяльны стан і прэзідэнта. Для гэтай жа патаемнай ідэі, канечне, яшчэ спатрэбіцца час і пэўныя прасторавыя камбінацыі, але сёння я буду спаць спакойна, бо ўпершыню так яўна адчуў сябе стваральнікам інтэлектуальнай маёмасці.
Роўна за імгненне да цэлага супадзення абставінаў, сярод якіх быў непрыемны тэлефонны званок, візгат тралейбуса за вакном і падзенне акуляраў са століка, я прысніў, як скачу на адной назе ў запаволеным рэжыме bullet-time да крамы "За курганам", каб купіць лаваш, ёгурт з ружовай накрыўкай, пачак сцікераў эўра 96', касету групы "Браво" і газету "Імя". У самым салодкім сэнсе тады, гэтыя рэчы - увасабленне сямейнага шчасця і спакою, што складваецца раптам пасля таго, як мне вырываюць хворы зуб з мыш'яком.
Люты для мяне знакавы месяц. Я заўсёды ў ім у роспачы, ня ведаю куды сябе падзець, не магу жыць як пан і прывязваюся да рэчаў, шукаючы ў іх паратунку. Як складзецца люты, так і складзецца ўвесь наступны год, - падказаў мне жыццёвы досвед і схільнасць да забабонаў, нумералогіі ды побытавага фаталізму. Кожны люты аднолькавы тым, што ў ім я наўзрыд захапляюся нейкім чалавекам і нейкай штукай. У мінулым годзе я захапляўся кнігай "Доктар Жывага", серыялам "Школа", еў памэло і гуляў ночы напралёт у зубадрабіцельную цацку Planescape: Torment, абсмактваючы там кожны дыялёг і ўсялякую ноту. У гэтым лютым новыя атрыбуты для старой формулы. Я чытаю "Бесаў" перад сном па раздзеле, намазваю на хлеб сыр філадэльфія, падарожнічаю па горадзе на таксі 7788, хаджу гуляць у футбол на манеж і гляджу серыял "Рэальныя пацаны". Абалдзенны серыял. Неверагодна трогацельны і сапраўдны. Можа стацца так, што я буду глядзець яго ўсе ночы аж да мая.